У Беларусі афіцыйна стартаваў сезон палявання на бекаса. Як паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў (БТПР), паляваць на гэтую птушку можна да 8 жніўня.
Чытайце таксама: У Слуцку шум варон выклікаў спрэчку ў сацсетках. Адныя не могуць спаць, іншыя сталі на бок птушак
Дазваляецца паляванне толькі ў светлы час сутак. Выкарыстоўваць можна гладкаствольную паляўнічую зброю з дробавымі патронамі або ловачных птушак. Пры ружэйным паляванні абавязкова павінны выкарыстоўвацца паляўнічыя сабакі — лягавыя, спаніэлі або рэтрыверы. З адной сабакай могуць паляваць не больш за трое чалавек.
Што гэта за птушка
Бекас — невялікая балотная птушка з доўгай тонкай дзюбай, якая жыве на забалочаных лугах, тарфяніках і поймах рэк. Ён добра маскіруецца ў траве, а пры небяспецы ўзлятае вельмі рэзка і хутка, таму лічыцца складанай здабычай для паляўнічых.

У Беларусі бекас не занесены ў Чырвоную кнігу і адносіцца да відаў, на якія дазволена паляванне. Сезон летне-восеньскага палявання на яго праводзіцца ўжо шмат гадоў і рэгулярна ўключаецца ў дзяржаўныя правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Разам з тым у БТПР нагадалі, што паляўнічыя павінны ўмець адрозніваць бекаса ад дупеля, які знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі і паляванне на якога забаронена.
Паводле спецыялістаў, бекас адрозніваецца белым без плям брушкам і чорна-рудавымі крайнімі рулёвымі пёрамі. У дупеля ж брушка стракатае, а тры крайнія пары рулёвых пёраў белыя.
Беларусы абурыліся навіной
Абмеркаванне разгарнулася пасля таго, як ТРК «Гродна» апублікавала інфармацыю пра пачатак сезона палявання ў Threads. Большасць каментатараў раскрытыкавалі дазвол на паляванне.
View on Threads
- «Усе, хто ходзіць на паляванне, — скончаныя вырадкі. Ні адзін нармальны чалавек не можа атрымліваць задавальненне ад забойства жывой істоты».
- «Навошта на яго паляваць? Колькі там той птушкі?»
- «Пакіньце няшчасных птушак у спакоі!»
- «Як камусьці можа падабацца забіваць? Проста не разумею. Шкада птушак».
- «Навошта забіваць птушак? Дзеля самога забойства?»
Некаторыя звярнулі ўвагу, што бекас вельмі маленькі, таму паляванне на яго цяжка растлумачыць практычнай неабходнасцю:
- «У бекаса ж і есці няма чаго. Крылы ды грудка? На суп не хопіць. Звычайны азарт забойства».
Іншыя лічаць, што падобныя навіны не варта шырока папулярызаваць.
- «У вас ёсць клуб паляўнічых. Ганарыцеся там паміж сабой, але не выносьце забойства жывёл на ўсеагульны агляд. Гэта неэтычна».
Таксама гучалі пытанні, ці сапраўды сёння ёсць неабходнасць у такім паляванні.
- «Што, у крамах мяса мала?»
- «Я супраць палявання на бекаса!»
- «Жах… Як можна забіць такую прыгажосць? Навошта?»
Частка карыстальнікаў увогуле паставіла пад сумнеў сэнс палявання як забавы.
- «Ніводная жывёла, акрамя чалавека, не забівае дзеля задавальнення».
Як вынікае з каментароў, стаўленне беларусаў да палявання на дзікіх птушак застаецца вельмі супярэчлівым. Калі для паляўнічых гэта традыцыйны сезонны від адпачынку, то многія карыстальнікі сацыяльных сетак лічаць, што ў сучасных умовах забойства невялікіх дзікіх птушак не мае апраўдання.
Чытайце таксама: Мёртвыя галкі і горы пёраў: у Гомелі паведамляюць пра загадкавую гібель птушак
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: