Тэлеграм-канал беларускіх архітэктараў «Спадчына» звярнуў увагу на сітуацыю вакол руінаў храма Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Старынкі Дзяржынскага раёна. Гістарычны будынак, які ўзвялі ў XIX стагоддзі, мясцовыя ўлады хочуць знесці.
Чытайце таксама: Згарэлая царква ў Сцяпанках страціла статус помніка. Эксперты бачаць у гэтым небяспечны прэцэдэнт
Раней быў пададзены зварот з патрабаваннем адмяніць аўкцыён, на якім мураваны храм, збудаваны па фундацыі роду Ленскіх, выставілі як «незавершаны некансерваваны капітальны будынак». Пры гэтым адной з абавязковых умоваў для пакупніка стала поўнае знясенне аб’екта на працягу года.

У адказе Мінскага аблвыканкама гаворыцца, што будынак ніколі не ўваходзіў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таму, на думку чыноўнікаў, да яго не прымяняюцца адпаведныя ахоўныя патрабаванні.
Асобна ў дакуменце згадваецца «Збор помнікаў гісторыі і культуры» 1987 года, у якім храм зафіксаваны. Аднак аблвыканкам лічыць гэта выданне навукова-папулярным і сцвярджае, што яно не мае юрыдычнай сілы і само па сабе не стварае для ўладальніка будынка абавязку яго захоўваць.
У чыноўнікаў ёсць пытанні і да гісторыі храма
У афіцыйным адказе таксама прыводзіцца версія гісторыі будынка. Паводле яе, храм узвялі ў 1863 годзе як касцёл, пасля чаго яго асвяцілі як уніяцкую царкву, а пазней перадалі праваслаўным.
Аднак такая храналогія выклікае пытанні. Уніяцкая царква на тэрыторыі Расійскай імперыі была афіцыйна ліквідаваная пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 года — за 24 гады да пазначанай у адказе даты будаўніцтва.

Акрамя таго, у аблвыканкаме сцвярджаюць, што сувязь будынка з выбітнымі асобамі або значнымі гістарычнымі падзеямі не даказаная. Архіўных звестак, якія маглі б пацвердзіць такую сувязь, нібыта таксама не знайшлі.
На гэтай падставе чыноўнікі робяць выснову, што падстаў для надання храму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці няма.
Асноўны аргумент — аварыйны стан
Галоўнай прычынай, па якой будынак прапануюць не захоўваць, а цалкам знесці, называецца яго тэхнічны стан.
У аблвыканкаме спасылаюцца на тэхнічнае заключэнне ТАА «Белжыллё». Паводле яго, не менш за 20% апорных канструкцый знаходзяцца ў крытычным стане — IV катэгорыі тэхнічнага стану. Гэта, паводле дакумента, стварае пагрозу абрушэння і небяспеку для людзей.


Менавіта таму рашэнне выставіць будынак на аўкцыён з абавязковай умовай дэмантажу ў адказе называюць «абгрунтаваным спосабам ліквідацыі аварыйнай пагрозы».
Пры гэтым Мінскі аблвыканкам сцвярджае, што парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры прыняцці такога рашэння не выяўлена.
У выніку руіны храма XIX стагоддзя ў Старынках могуць знікнуць ужо пасля правядзення аўкцыёну. Нягледзячы на тое, што будынак зафіксаваны ў савецкім «Зборы помнікаў гісторыі і культуры», сёння афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ён не мае.
Калі будынак не мае статусу помніка, яго лягчэй знішчыць
Сітуацыя са Старынкамі паказвае на праблему, якая тычыцца не толькі аднаго храма.
Калі гістарычны будынак не ўключаны ў афіцыйны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, улады могуць выкарыстоўваць адсутнасць статусу як аргумент супраць яго захавання. У выніку будынак, які мае архітэктурную і гістарычную каштоўнасць, але фармальна не знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай, становіцца значна больш уразлівым перад зносам.
Менавіта так паступова знікаюць помнікі архітэктуры — асабліва калі замест рэстаўрацыі выбіраюць прызнанне будынка аварыйным і яго дэмантаж.
«Гэта не пачалося сёння»: што пра знішчэнне спадчыны казаў Павел Латушка
Як пісала «Наша Ніва», былая дзяржаўная палітыка ў сферы аховы спадчыны таксама была звязаная са скарачэннем колькасці аб’ектаў у Дзяржаўным спісе.
Былы міністр культуры Павел Латушка распавядаў выданню, што яшчэ каля 15 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка патрабаваў скараціць колькасць помнікаў, бо яны, паводле яго слоў, перашкаджалі інвестыцыйным праектам.

Паводле ўспамінаў Латушкі, на той момант у спісе было больш за 5000 аб’ектаў, а прапаноўвалася скараціць іх колькасць удвая. Былы міністр называў цяперашнія працэсы вакол гісторыка-культурнай спадчыны працягам гэтай палітыкі.
Чытайце таксама: У Рагачове адкрылі новы вайсковы помнік, але пастамент пачаў разбурацца ўжо падчас цырымоніі
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: