Жыхары Слуцка звярнулі ўвагу на розніцу ў часе ўключэння вулічнага асвятлення ў розных частках горада. Паводле іх словаў, у адных раёнах ліхтары запальваюцца ў звычайны час, а ў іншых — прыкладна на паўгадзіны пазней.
Чытайце таксама: «Ігнараванне выходзіць ужо на новы ўзровень». На вуліцы Тутарынава ў Слуцку па-ранейшаму няма асвятлення
На праблему паскардзіліся ў мясцовым Telegram-канале. Адзін з жыхароў адзначыў, што такая сітуацыя працягваецца ўжо каля двух тыдняў:
«Няўжо адказным асобам незаўважна, што ў адной частцы горада асвятленне ўключаецца ў належны час, а ў іншай — прыкладна на паўгадзіны пазней? Гэта ўжо тыдні два». Пры гэтым, як вынікае з апублікаванага роліка, розніца паміж часткамі горада можа складаць некалькі метраў.
Праблема выклікала абмеркаванне сярод случчан. Некаторыя паспрабавалі патлумачыць розніцу ў часе жартам:
- «Можа, у той частцы горада цямнее на паўгадзіны пазней».

Аднак іншыя жыхары звярнулі ўвагу на канкрэтныя праблемныя месцы. Асабліва шмат нараканняў было на раён каля Цукровага камбіната.
- «На Цукровым увогуле жах. На дарозе паміж школай і каледжам нічога не відаць. Там яшчэ і плітка пакладзеная абы-як — можна ногі зламаць», — напісала адна случчанка.
Іншы жыхар у адказ іранічна заўважыў:
- «Плітка там цудоўная, самы бедны раён».
На гэта случчанка адказала, што была негатыўна ўражаная цемрай у гэтай частцы горада: «Я прыехала і ашалела. Усюды проста цемра. Паміж дзіцячымі садкамі, як ні дзіўна, нешта сяк-так свеціць, і на тым дзякуй». Людзі адзначылі, што кожны раз спатыкаюцца на гэтым участку.
Што адказалі наконт асвятлення?
На скаргу з’явілася тлумачэнне ад спецыяліста, які адказаў на скаргі жыхароў. Паводле ягонай інфармацыі, цяпер у горадзе ўсталёўваюць новыя лічыльнікі. Частка вуліц пакуль асвятляецца з дапамогай старых астранамічных рэле, таму ліхтары ў розных раёнах уключаюцца ў розны час.
«Пасля ўстаноўкі лічыльнікаў будзе яшчэ наладжванне асвятлення», — гаворыцца ў адказе.

Аднак такое тлумачэнне не зняло пытанняў у случчан. Адна з жыхарак заўважыла, што гэтае наладжванне цягнецца ўжо другі год.
Іншы чалавек засумняваўся ў тым, што для ўключэння і выключэння вулічнага асвятлення выкарыстоўваюць менавіта лічыльнікі: «А гэта дакладна “спецыяліст”? Якія такія “лічыльнікі” будуць уключаць-выключаць асвятленне? У лічыльнікаў іншае прызначэнне».
На сённяшні момант адказаў на гэтыя пытанні не з’явілася. Таксама пакуль невядома, калі ў розных частках Слуцка завершаць устаноўку абсталявання і наладзяць працу вулічнага асвятлення.
Чытайце таксама: За Слуцкам па дарозе ў Навадворцы не працуе асвятленне
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: