У Магілёўскай вобласці плануюць змяніць межы трох раёнаў на карысць Дрыбінскага, які цяпер лічыцца самым маленькім у краіне. Да яго збіраюцца далучыць 27 населеных пунктаў з Магілёўскага, Горацкага і Чавускага раёнаў. Аднак не ўсе жыхары падтрымліваюць перадзел тэрыторый.
Чытайце таксама: Дрыбінскі раён могуць павялічыць за кошт суседзяў. За 30 гадоў насельніцтва тут скарацілася амаль утрая
Пенсіянеры з вёсак Магілёўскага раёна запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай перагледзець рашэнне.
Да Магілёва бліжэй, чым да новага райцэнтра
Паводле словаў жыхароў, пасля змены межаў ім давядзецца ездзіць у Дрыбін, які знаходзіцца прыкладна за 60 кіламетраў ад іхніх вёсак. Да Магілёва — каля 20 кіламетраў.
Для мясцовых жыхароў гэта не проста розніца ў адлегласці. Многія з іх — пенсіянеры, якія разлічваюць на дапамогу дзяцей і іншых сваякоў, што жывуць у Магілёве. Родныя дапамагаюць ім вырашаць побытавыя пытанні, запісвацца да лекараў, дабірацца ў патрэбныя ўстановы.
@user9920284376126♬ оригинальный звук — Тоня.
Пасля змены адміністрацыйных межаў звяртацца давядзецца да ўладаў іншага раёна. Жыхары асцерагаюцца, што звыклыя справы стануць больш складанымі, а новы раённы цэнтр для іх застанецца чужым.
Дрыбінскі раён павялічаць на 27 населеных пунктаў
Пра планы ўзбуйнення Дрыбінскага раёна стала вядома яшчэ ўвесну 2026 года. Спачатку гаворка ішла пра перадачу яму зямель суседніх раёнаў, а ў ліпені Лукашэнка падтрымаў гэтую прапанову. Сярод аргументаў уладаў — неабходнасць павялічыць тэрыторыю раёна і колькасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
У кастрычніку Магілёўскі абласны савет дэпутатаў падтрымаў змену межаў. Паводле звестак, агучаных прадстаўнікамі землеўпарадкавальнай службы, Дрыбінскі раён павінен атрымаць:
- з Чавускага раёна — 18 населеных пунктаў і 10 826 гектараў;
- з Горацкага раёна — два населеныя пункты і 4778 гектараў;
- з Магілёўскага раёна — сем населеных пунктаў і 4454 гектары.

У выніку плошча Дрыбінскага раёна павялічыцца больш чым на 20 тысяч гектараў. Разам з тэрыторыямі зменіцца і адміністрацыйная прыналежнасць мясцовых населеных пунктаў.
У каментарах людзі падтрымалі зварот
Пасля публікацыі відэа жыхары атрымалі падтрымку ў каментарах, як заўважыла BGmedia. Людзі звяртаюць увагу на тое, што адміністрацыйныя межы ўплываюць на тое, куды давядзецца звяртацца па дапамогу, колькі часу займаюць паездкі і на каго можна разлічваць у паўсядзённым жыцці.
- «Я таксама супраць. Я купляла хату ў Магілёўскім раёне, навошта мне зараз гэтыя змены», — піша адна жыхарка. «Трэба будзе мяняць дакументы, а гэта не танна», — адказвае ёй іншы чалавек.
- «Дрыбінскі раён хаця б са сваімі тэрыторыямі справіўся. Навошта гэты перадзел».
- «Да Дрыбіна ад нас 60 км, а да Магілёва ўсяго 25 км. Нашы вёскі размешчаны не на трасе і дабірацца ў Дрыбіна вельмі далёка і няёмка, а таксама значна даражэй па кошце».
- «Сапраўды жывуць адны пенсіянеры!!! Нашто гэта рабіць? Навошта мяняць юрыдычны адрас!!! Няхай забіраюць землі!!! Народ павінны пачуць! Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў, і іх свабоднае выказванне!»
Знайшліся і тыя, хто раскрытыкаваў жанчын за зварот да Лукашэнкі:
- «Пакуль ён у вас паважаны нічога не зменіцца».
Жыхары просяць улады ўлічыць інтарэсы людзей і не праводзіць перадзел тэрыторый так, каб ён ствараў ім дадатковыя цяжкасці.
Пакуль улады не адрэагавалі на зварот вяскоўцаў.
Чытайце таксама: Улады ўпершыню хочуць спытаць меркаванне жыхароў пра ўзбуйненне Дрыбінскага раёна. Але ёсць нюанс
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: